Ты павінен выкладацца напоўніцу

glebko-by
12.09.2017

“Што б ні рабіў, ты павінен выкладацца напоўніцу…” Сяргей Глебко.

Пасля ўзмацнення складу каманды ў 2 крузе ад заўзятараў даволі часта можна пачуць аб упэўненай гульні новага 15-га нумара Тарпеда Сяргея Глебко.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

З’яўленне паўабаронца ля чужой штрафной стварае адразу небяспеку для супернікаў. Яшчэ 6 матчаў у складзе Чорна-Белых і 2 галы на рахунку. Мы не маглі не распавесці больш падрабязна Вам аб Сяргею і таму паразмаўлялі з нашым хаўбекам аб жыцці, футболе, клубе і нават нядаўнім шлюбе.

Урывак з гэтага інтэрв’ю быў надрукаваны ў праграмцы да матчу 21 тура.

– Вітаем, Сяргей! Калі ты пачаў гуляць у футбол і як тое адбылося?

Пачаў займацца ў футбольным клубе “Фартуна”, мне тады было 8 год. “Фартуна” – клуб на базе Савецкага раёну Мінску. Я на той час жыў у гэтым раёне. У маёй школе футбольны клуб пачаў здымаць залу, аднакласнік запрасіў пагуляць, мне спадабалася, зацягнула з гэтага часу.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

– Да Тарпеда ты гуляў толькі ў клубах Вышэйшай лігі. Як далося вырашэнне перайсці ў Першую?

Я не лічу, што гэта крок назад. Перад намі пастаўлена задача выйсці ў Вышэйшую лігу. Мы прытрымліваемся яе. І ў Першай лізе ёсць каманды, з кім можна гуляць і расці.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

– Але па ўзроўні гульні камандаў што можаш сказаць? Ці параўнальныя яны?

Вядома, розніца ва ўзроўні гульні адчувальная. Тут палова юнакоў, якім 17-18 гадоў, як у дублі камандаў Вышэйшай лігі. А ў Вышэйшай больш дасведчаных футбалістаў, ужо пагуляўшых.

– Ты меўся прыйсці ў Тарпеда значна раней, мы цябе запрашалі. Чаму вырашыўся толькі зараз?

Тады была прапанова застацца ў Вышэйшай лізе, на той момант мне падавалася гэта правільным. Чаму не застаўся – асобная гісторыя, пра якую б не хацелася распавядаць.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

– Як дарэчы ў Слуцку і Гарадзеі, ці ходзяць людзі на футбол? Падтрымліваюць каманды ?

Так, ходзяць. Дастаткова людзей заўсёды на стадыёне. У Слуцку трошкі больш забаваў, чым у Гарадзеі, таму паменьш людзей. А ў Гарадзеі заўсёды падтрымка добрая была. Там для людзей раз на 2 тыдні, калі каманда гуляе дома – гэта падзея, сапраўднае свята, нібыта тэатр прыязджае ці выстава. У гэтым гарадскім пасёлку на футбол ідуць як на свята, сем’ямі. На стадыёне можна і шашлыка паесці, і за любімую каманду пазаўзець. У Слуцку таксама каля тысячы чалавек заўсёды падтрымлівала. Таму што там альтэрнатываў у баўленні вольнага часу бракуе. У Мінску канкурэнцыі паболей будзе. Але, бачу, людзі усё роўна ходзяць, хоць колькі, цікавяцца футболам. Думаю, калі выйдзем у Вышэйшую лігу, колькасць наведвальнікаў абавязкова падвысіцца.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

– Ці ёсць для цябе прыклады ў сусветным футболе, на гульню якіх хацелася б раўняцца?

Шмат у свеце добрых футбалістаў. Найбольш заўсёды падабаўся Раналдынья. Ён для мяне аўтарытэт. Не толькі па прафесійных якасцях. Ён насалоджваўся футболам. Яму гуляць было не цяжка. Для яго футбол быў не працай. А нечым большым. Як ні пафасна гучыць, жыццём.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

– Як Ты уліўся ў калектыў ?

Я з некаторымі хлопцамі ўжо гуляў у Слуцку, і ў зборнай перасякаліся. Таму не было доўгай акліматызацыі, усе хлопцы маладыя, нам цікава разам, паразуменне ёсць. Прыязная вельмі атмасфера ў нас пануе.

– Заўважна, што табе з намі добра. Ты год не забіваў, а ў нас атрымалася.

Так, я перажываў вельмі з гэтай нагоды. Але тут перажыванні сышлі, гэта надало імпульс мне, разняволіла рухацца далей, каб гуляць лепш і прыносіць карысць камандзе.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

– Ведаем, што ты ня так даўно ажаніўся? Як у новай ролі пачуваешся ?

Добра, увогуле ўсё цудоўна з маёй ужо жонкай. Але нічога асабліва не змянілася. Мы сустракаліся дагэтуль ужо 6 год, таму шлюб быў толькі пытаннем часу. З майго боку нічога не змянілася. Ну а з яе мо толькі пытанняў больш задаваць пачала. Можа яшчэ трошкі больш пачалі праводзіць часу разам.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

– Ці быў мядовы месяц з такім шчыльным графікам?

Не, не было, мо мядовая гадзіна) Пакуль адпачынку не было. Пазней мо заплануем куды паехаць-паляцець. Але пакуль яшчэ не планавалі.

16465605_154189138419869_4186778663246626816_n

– А як час разам бавіце?

Ды нічога звышнатуральнага, кавярні-кіно. Часта разам збіраемся з сябрамі, таксама футбалістамі. Мы сябруем сем’ямі, жонкі добра знаёмыя.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

– Ці жонка ходзіць на футбол?

Так, ходзіць часта. Толькі, калі працуе, не атрымліваецца. Ходзіць часта з мамай сваёй, маёй цёшчай. Перажываюць, падтрымліваюць мяне. Спачатку не надта футбол жонка любіла. Нават яе прымушаў, каб схадзіць футбол паглядзець. А астатнія гады 3, калі пачаў гуляць у Вышэйшай лізе, пэўна, пачала цікавіцца. А зараз увогуле перазнаёмілася з усімі жонкамі футбалістаў, сяброўкамі, таксама хоча быць у тэме.

21479690_513129505700550_8955219043673964544_n

– А бацькі цікавяцца футболам?

Ну, у маіх бацькоў сітуацыя паспакайней адносна футболу. Глядзяць часам трансляцыі, пару разоў нават на гульні прыязджалі, калі з “Дынама” мы са “Слуцкам” гулялі і з БАТЭ. Але зрэдку атрымліваецца, бо бацька дальнабойшчык, заўсёды ў рэйсах. Калі б я ім сказаў прыязджайце, то прыехалі б. Але я разумею, што ім прыемней будзе на лецішча з’ездзіць, чым на футбол, таму не прымушаю. Маці часам нават больш цікавіцца за бацьку. Калі дадому прыязджаю, ужо ведае лік, цікавіцца, што атрымалася, што не.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

– Якія якасці характару лічыш найбольш важнымі на полі?

Думаю, для кожнага футбаліста карысна імкненне заўсёды быць пераможцам. Я лічу, што якой бы справай ты не займаўся, што б ні рабіў, ты павінен выкладацца напоўніцу, рабіць гэта максімальна добра. Працаваць на максімальна добры вынік, у дадзеным выпадку для каманды. Выходзячы на поле, незалежна ад таго мацнейшы супернік ці слабейшы, ты павінен мець унутраны стрыжань. Нават калі ня ўсё атрымліваецца, варта упарта гнуць сваю лінію, прытрымлівацца плану трэнера, у пэўныя моманты браць на сябе адказнасць, прымаць хуткія вырашэнні, імправізаваць. Бывае вельмі цяжка, і ў такія моманты праяўляецца характар. Што трэба і на жылах папрацаваць, і пабегаць, і ударыць кагосьці ў межах правілаў, вядома 🙂 Часам трэба сябе прымушаць, бо на адным узроўні немагчыма адгуляць усе гульні.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

– Можа маеш якія рытуалы, традыцыі на паспяховасць гульні?

Не, асабліва не маю. Толькі па-хрысціянску крыжык пацалаваць, памаліцца, каб твая каманда перамагла. А усялякія забабоны ў дзяцінстве былі. Памятаю, на базе калі жылі, абавязкова перад гульнёй апранаў адмысловую цішотку. Толькі ў ёй спаў перад гульнёй. І працавала) А зараз, з узростам, усе забабоны забыліся.

– Ці сачыў за поспехамі Тарпеда да таго, як патрапіў у каманду?

Так, сачыў, і перад сезонам мы таварыскую гульню ж правялі, і сябры-знаёмыя ў мяне тут ужо гулялі. Вядома, што каманда мае мэту, зацікаўлена ў тым, каб патрапіць у Вышэйшую лігу. А там вельмі, дарэчы, не хапае такіх матываваных і амбіцыйных камандаў. Такі падыход абавязкова будзе прыцягваць і футбалістаў, і увагу заўзятараў. Упэўнены, што так і будзе.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

– Ці ёсць для цябе ў чэмпіянаце нейкі прынцыповы супернік, з якім хацелася б згуляць?

Заўсёды прыемна гуляць з “БАТЭ”, з “Дынама”. Два клубы для мяне, з якімі заўсёды цікава гуляць. Заўсёды нечаму вучышся у гульні з імі. І яны заўсёды даюць табе пагуляць, і самі гуляюць, выпрабоўваюць цябе. І азарт прысутнічае. Мне заўжды цікавей гуляць з камандай, якая на галаву вышэй па ўзроўні гульні. Пасля такіх гульняў пачынаеш лепш разумець, што ты сапраўды умееш. Не люблю матчы-адзінаборствы, дзе толькі барацьба, а пагуляць самому мала атрымліваецца. Думаю, шмат футбалістаў са мной пагодзяцца. Бо футбол – не толькі гульня. Сваёй гульнёй ты павінен прыносіць задавальненне і сабе, і гледачам. З Першай лігі прынцыповых супернікаў для мяне няма. Прынцыпова зараз абыгрываць усіх, кожны матч чэмпіянату мне падаецца прынцыповым, у ва ўсіх 10 застаўшыхся гульнях важна перамагчы.

– Дзякуй, Сяргей!

Instagram

Тарпеда ў сацыяльных сетках: