Баранавічы – тарпедаўскі гід

baranki-by
12.10.2017

Баранавічы – тарпедаўскі гід.

Засталося ўсяго 5 тураў да канца сезону, таму настойліва раім нашым заўзятарам 14.10. выбрацца на перадапошнюю выправу ў горад Баранавічы!

03

Варта сказаць некалькі словаў аб гісторыі. Баранавічы – вельмі малады горад адносна большасці паселішчаў Беларусі, утварыўся ў 1871 г., калі недалёка ад аднайменнай вёскі праклалі чыгунку і ўмацавалі чыгуначную станцыю, спачатку ў кірунку Масква-Брэст-Варшава, а пазней Віленска-Ровеньскай сеткі шляхоў у бок Украіны. Адсюль блытаніна з двума вялікімі вакзаламі ў Баранавічах, якія знаходзяцца па розныя бакі горада.

09

Нягледзячы на свой малады ўзрост, Баранавічы паспелі пабыць у складзе Расійскай імперыі, Польшчы, Трэцяга рэйху і БССР. У Першую сусветную вайну сюды не раз наведваліся і расійскі цар Мікалай ІІ, і германскі канцлер Вільгельм ІІ: у абодвух военачальнікаў у Баранавічах былі свае штабы. А з 1940 па 1954 гг. Баранавічы былі нават абласным цэнтрам.

01

Існуе некалькі варыянтаў даезду да Баранавічаў з Мінску. Асноўны, відавочна з папярэдняга мэсаджу, – чыгункай. Раім дабірацца да станцыі Баранавічы-Палескія. Туды ходзяць і звычайныя электрычкі (каля 3-х гадзінаў), і цягнікі (каля 2-х гадзінаў), і хуткасныя “швейцарскія” электрычкі (паўтары гадзіны).

02

Адразу побач з вакзалам знойдзеце Баранавіцкі музей чыгуначнай тэхнікі. Там можна пабачыць лакаматывы, вагоны і іншыя чыгуначныя цікавосткі розных часоў: ад з’яўлення першай чыгункі на тэрыторыі Беларусі па сённяшні дзень. Доступ да ўсіх экспанатаў вольны.

Насупраць вакзалу цікавы будынак з чырвонай цэглы – ён жа найстарэйшы ў горадзе, былая акцызная ўправа.

04

Тут жа варта завітаць у аптэку-музей – будынак найстарэйшай у горадзе аптэкі 30-х гадоў пабудовы, аналаг якой (але значна старэйшы) знойдзем толькі ў Гродна ў наступным годзе, калі выйдзем у Вышэйшую лігу. Аптэка працуе і сёння на першым паверсе адноўлены інтэр’ер, а на другім размяшчаецца музей аптэчнай справы.

05

Ад вакзалу варта праз чыгуначны мост скіравацца ў цэнтр горада. Па дарозе трэба звярнуць увагу на забудову пачатку 20-га стагоддзя – драўляныя баракі часоў 1-й сусветнай вайны і вайсковы гарадок таго ж часу.

Цэнтральная вуліца Баранавічаў Марыінская (за расійскім часам), Галоўная (Hauptstrasse за нямецкім часам), Шаптыцкага (за польскім часам) – сёння Савецкая. У вочы кідаецца унікальная базальтавая брукаванка, якой выкладзена галоўная вуліца. Брэсцкія ўлады дарэчы хацелі перанесці яе ў абласны цэнтр, але мясцовыя не дазволілі. Вось такі лакальны патрыятызм.

06

Калі збочыць з галоўнай вуліцы на Брэсцкую, можна пабачыць унікальны “пляскаты” дом – аналаг “ведзьмінага дома” ў Адэсе.

10

З мясцовых цікавостак каля кінатэатру “Кастрычнік” варта звярнуць увагу на помнік вераб’ю. Па мясцовай легендзе такі ёсць толькі ў Бостане. Праўда тое ці не, праверыць бліжэйшым часам не атрымаецца, але вядома, што гэты верабейчык за 14 год свайго існавання стаў улюбёным месцам спатканняў месцічаў.

07

Яшчэ ў Баранавічах ёсць Дзяржаўны ўніверсітэт. Пра ўзровень адукацыі ў ім ходзіць процьма жартаў, ці адпавядаюць яны рэчаіснасці праверыць не даводзілася, але дакладна вядома, што пазнаёміцца з мясцовымі прыгажунямі з усіх навакольных раёнаў і вобласцяў там вялікая верагоднасць.

IMG_6430

З гастранамічных радасцяў варта пакаштаваць мясцовыя бутэрброды “Лодачка” у аднайменным кафэ. Тут за пару хвілінаў на вашых вачах робяць дзіва, якое і мае назву “Лодачка”: гэта хрумсткая вафельная булачка з сасіскай ды гароднінай пад улюбёным соусам на выбар. Гэта гастранамічны сімвал Баранавічаў, калі не пакаштавалі – лічыце вы ў Баранках не былі.

08

Кожны горад Беларусі багаты на таленты і наша суботняя мека не выключэнне, дастаткова ўзгадаць як мінімум і Сяргея Лазніцу, таго самага рэжысёра, які зняў “У тумане” па творы Васіля Быкава, і легендарнага Ігара Варашкевіча, генерала айчыннага Рок-н-Ролу, лідара славутай “Крамы”.

Усе на выправу! Матч 26 тура ўжо чакае!

Да наступнага матчу Тарпеда:

Instagram

Тарпеда ў сацыяльных сетках: